Побач з Аўгустоўскім каналам хочуць пабудаваць смеццевы завод

Гродзенцы будуць збіраць подпісы супраць будаўніцтва смеццевага завода каля мяжы з Польшчай. Улады збіраюцца размясціць прадпрыемства па перапрацоўцы смецця на захадзе ад Гродна. На яго пабудову яны спадзяюцца атрымаць ад Сусветнага банку 60 мільёнаў долараў.  Інвестар патрабуе, каб улады высветлілі, як ставіцца да гэтага жыхары горада. Першае грамадскае абмеркаванне праекта прызначылі на першую палову ліпеня. Аднак інфармацыі аб гэтым было замала, таму прыйшло ўсяго два чалавекі. Таму абмеркаванне перанеслі. Яно адбылося ўчора, 19 жніўня. Гэтым разам прыйшло болей за сто чалавек. Большасць з іх прадстаўлялі ЖЭСы або ветэранскія арганізацыі. Нягледзячы на гэта, знайшлося шмат незадаволеных праектам, якія не пабаяліся выказаць свой пункт гледжання.

На захадзе знаходзіцца самы чысты мікрараён горада — Фолюш. За ім — папулярная зона адпачынку, возера Юбілейнае. А далей — Аўгустоўскі канал. Жыхары мікрараёну хочуць збіраць подпісы супраць будаўніцтва завода. Найбольш актыўныя з іх — старшыня суполкі Беларускага саюза жанчын пры ЖЭС №22 Людміла Паўлічэнка і яе намесніца Наталля Краснавіт.