Польская прэса: Ускрыццё Качыньскага ладзілі расійцы

Ускрыццё цела Леха Качыньскага праводзілі расійцы ў прысутнасці польскага консула і галоўнага вайсковага пракурора Кшыштафа Парульскага, піша правая польская штодзёнка Rzeczpospolita. "Ускрыццё правялі 11 красавіка на світанку. Тады нашыя патамарфолагі яшчэ былі ў Польшчы", - распавёў Парульскі. Збігнэў Жэпа, прэс-сакратар пракуратуры, патлумачыў, што ўсё, звязанае з ускрыццём цела прэзідэнта, таксама як і пэўныя сферы даследаванняў, рабілася на загад расійскіх следчых.

Толькі 15 ліпеня пратакол даследавання цела быў перакладзены на польскую мову. Следчыя публікуюць толькі аналіз крыві, іншыя звесткі публікавацца не будуць.

У якасці прычыны смерці ў пратаколе ўказаныя траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Пратаколы ўскрыцця яшчэ 95 ахвяраў следчыя пакуль не атрымалі.