Польскі амбасадар падзякаваў усім за спачуванні і салідарнасць

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін падзякаваў усім за спачуванне і "салідарнасць у болю і цярпенні". У заяве адзначаецца, што 10 красавіка 2010 года адбылася адна з найвялікшых трагедый у гісторыі Польшчы.

"Нельга знайсці словы, якімі можна перадаць тое, што мы ўсе адчуваем у гэтыя хвіліны. Тыя, хто павінен быў ушанаваць памяць салдатаў з Катыні, самі загінулі ў катынскім лесе. Будзем жа разам у гэтыя цяжкія хвіліны", — перадае БелаПАН словы Генрыка Літвіна.