Польскі турыст: Калі выязджаў у Беларусь, мяне называлі самагубцам

Турысты з Еўрасаюза усё часцей наведваюць нашую краіну. Але некаторыя ездзіць да нас усё ж баяцца. Еўрарадыё пацікавілася, як пужаюць беларускай дыктатурай палякаў і як змяняюцца ўражанні замежных турыстаў пасля вандроўкі ў нашую краіну. 21-гадовы Адрыян Юрэк жыве ў Польскім мястэчку Каліш і працуе ў бюро аховы. Ён заўзятар тайскага бокса і адважыўся прыехаць у Мінск, каб паглядзець горад і патрэніравацца ў адным з беларускіх байцоўскіх клубаў. Перад ад’ездам Адрыяна пужалі: будзь асцярожным, у краіне дыктатура, можаш адтуль не вярнуцца.

“Сапраўды пабыў на Беларусі, і, як вярнуўся, кожны мяне пытае: ты што, жыццё хацеў скончыць самагубствам? – распавядае Адрыян Юрэк пра свой ваяж у Беларусь. - А я тлумачу, што Беларусь – край цудоўны, людзі - у парадку, вельмі спакойна. І хоць у Польшчы людзі жывуць лепей, Мінск усё адно супер”.




Польшча — адна з тых краін, якая выключна неспрыяльна ставіцца да беларускага рэжыму. У чымсьці палякі маюць рацыю. Але часта артыкулы ў газетах і сапраўды напісаныя ў занадта пужлівых адценнях, нібы Беларусь – цёмная пячора з трохгаловым драконам-людажэрам.

“Многія кажуць, што Беларусь – гэта поўны азадак і там небяспечна, - працягвае Адрыян. – Але гэта лухта. Я, пажыўшы ў Мінску, маю іншы пункт гледжання. І кажу: тое, што пішуць газеты – хлусня. Вядома, Польшча больш багатая. Але Беларусь – усё адно цудоўны край”.



Два тыдні жыцця і трэніровак у Мінску абышліся маладому Адрыяну Юрэку ў 900 долараў (месячны заробак маладога ахоўніка ў Калішы каля 500 долараў). За такія грошы ён мог з’ездзіць у Егіпет ці якую іншую цёплую краіну. Але выбраў Беларусь з яе экзотыкай і вядомымі байцоўскімі клубамі. І ніколькі не пашкадаваў.

“Нават мая суседка сказала, што Беларусь – гэта ОК, - запэўнівае Адрыян Юрэк. – Бо яна пісала навуковую працу пра Беларусь і ездзіла туды навучацца. І сказала, што Беларусь цудоўная краіна, людзі зычлівыя і адкрытыя. Скажу шчыра: як буду мець магчымасць, наступны адпачынак правяду ў Мінску”.

Як бы ні казалі пра Беларусь у Польшчы, добра ці дрэнна, узгадваюць нашую краіну часта. Амаль месяц па ўсёй Варшаве віселі плакаты з выявай прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і надпісам па-польску “Правы чалавека – важная справа”. Такім чынам палякі рэкламавалі фестываль фільмаў пра правы чалавека.

Чорны піяр – таксама піяр. Так сёння беларускіх палітыкаў не рэкламуюць нават на Бацькаўшчыне.



Фота аўтара і з архіва Адрыяна Юрэка