Працягваецца ліквідацыя наступстваў аварыі ў Бешанковіцкім раёне

У Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці працягваецца ліквідацыя наступстваў аварыі на нафтаправодзе Унеча — Вентспілс, які належыць расійскай кампаніі “Захад-Транснафтапрадукт”.  З дапамогай земляных валоў была перагароджана меліяратыўная канава, праз якую дызельнае паліва магло патрапіць у раку Свячанку, прыток Улы, а адтуль — у Заходнюю Дзвіну.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Энвер Барыеў сцвярджае, што ўцечка нафтапрадуктаў нязначная і што аварыя не прынясе вялікіх шкодаў экалогіі. Паводле папярэдніх звестак, з трубы выцекла каля 5 тонаў дызельнага паліва, інфармуе «Інтэрфакс».

Нагадаем, у сакавіку сёлета на нафтаправодзе ўжо адбываўся прарыў, тады дызельнае паліва, якога вылілася каля 120 тонаў, патрапіла ў Заходнюю Дзвіну. Расійская кампанія якраз нядаўна выплаціла беларускаму боку кампенсацыю за страты ад першай аварыі — каля 150 мільёнаў рублёў. Страты, нанесеныя прыродзе, эколагі яшчэ падлічваюць.