Прадпрыемства прымусілі плаціць заробкі за незаконны прастой

Дырэктара завода “Мастоўдрэў” пакаралі за неаплачваемыя адпачынкі і скарачэнне заробкаў супрацоўнікам. Скандал узняўся пасля звароту ў пракуратуру і Інспекцыю працы былога спецыяліста Аддзела знешнеэканамічных сувязяў “Мастоўдрэва” Зміцера Кухлея.

“У лістападзе і снежні людзі былі незаконна пераведзеныя на рэжым працы 2/3, — расказвае Еўрарадыё Зміцер Кухлей. — Яны працавалі пяць дзён, а ім плацілі, як за прастой прадпрыемства — 2/3 заробку. Працадаўца выдаў загад заднім днём, і гэта потым пацвердзілася. Гэта не ўсе парушэнні. Людзі ўвогуле не працавалі з 25 снежня па 11 студзеня, ім паведамілі, што гэта "навагоднія канікулы", і за гэты час не заплацілі ўвогуле”.

Год таму супрацоўнікі “Мастоўдрэва” зараблялі да мільёна рублёў. Дзякуючы эканамічнаму крызісу і “новаўвядзенням” па падліку заробкаў сталі мець па 300-400 тысяч. Можа быць, загад Інспекцыі працы вярнуць людзям грошы выправіць сітуацыю. Хоць рабочым робяць пераразлікі неахвотна, толькі пасля іх асабістых зваротаў.

"Мы загадвалі. Загад трымаецца пад кантролем", — гаворыць старшыня Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дзяржаўнай інспекцыі дэпартамента працы Мікалай Лянко.

“Пры праверцы былі выяўленыя парушэнні. Няправільна быў сфармуляваны загад, нам прадпісана выправіць недахопы”, — прызнаецца ў парушэннях эканаміст “Мастоўдрэва” Аляксандр Якушэвіч.

Самае цікавае ў гэтай справе — так званыя “навагоднія канікулы”, на якія зараз, здаецца, усё часцей сыходзяць беларускія прадпрыемствы. Высветлілася, што ў Працоўным кодэксе такая фармулёўка канікулаў адсутнічае. А ці ёсць фармулёўка “антыкрызісны адпачынак”?

“Сёння прадпрыемствы, якія прастойваюць, гэта адзінкі, — тлумачыць Еўрарадыё начальнік Галоўнага ўпраўлення вытворчай і сацыяльна-эканамічнай працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сяргей Сарокін. — Іншая справа, што я быў нядаўна на канферэнцыі МАЗа: гэтае прадпрыемства працуе, але раз на тыдзень, у пятніцу, яны падаюць адпачынак з аплатай у 2/3 тарыфнай стаўкі аклада. Як правіла, прастой аплачваюць менавіта ў 2/3 тарыфнай стаўкі аклада”.

Дарэчы, Зміцеру Кухлею, які адбіў заробкі тысячам рабочых, на прадпрыемстве не падоўжылі кантракт.

Фота Bymedia.net