Прадстаўнікі магілёўскіх уладаў пакінулі Сацыяльны форум

Прыняць закон аб малым і сярэднім бізнэсе запатрабаваў падчас свайго выступу адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка. Такую заяву ён зрабіў 15 сакавіка на III Сацыяльным форуме, што адбываецца пад Магілёвам. Па словах прадпрымальніка, законапраект быў распрацаваны і перададзены ў Палату прадстаўнікоў ужо два гады таму.

Пры гэтым А.Таўстыка запатрабаваў пэўных рашэнняў па падтрымцы прадпрымальніцтва на рэгіянальным узроўні ад прысутных у зале прадстаўнікоў Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага гарвыканкама. І зрабіў гэта ў досыць рэзкай і эмацыйнай форме. У адказ чыноўнікі пакінулі Сацыяльны форум.

У наступным выступе былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава падтрымала патрабаванні А.Таўстыкі, але пры гэтым заявіла, што выніку можна дамагчыся толькі шляхам узгаднення інтэрасаў уладаў і малога бізнэсу.

Па яе словах, у новым складзе Палаты прадстаўнікоў ёсць і былыя прадпрымальнікі, таму прадстаўнікам бізнэсу трэба працаваць з імі. Абрамова адзначыла, што такая праца больш канструктыўная, чым эмацыйныя выступы на форумах і круглых сталах.

БелаПАН