Прадстаўнікі Саннікава і Някляева не дайшлі на Усебеларускі сход

Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава звярнуліся ў Цэнтравыбаркам. Яны патрабуюць даць кожнаму кандыдату яшчэ гадзіну тэлеэфіру на працягу бліжэйшых двух тыдняў. Заяву ў ЦВК панесла давераная асоба Някляева Таццяна Процька. Пра мэты акцыі Еўрарадыё распавёў прадстаўнік выбарчага штабу Някляева Міхаіл Пашкевіч:

Пашкевіч: "Два тыдні да выбараў, а ўчора каля трох гадзінаў адзін чалавек выступаў на Усебеларускім народным сходзе. Ён паліваў брудам усіх нас і асабліва пра нашых лідараў. Цяпер мы яшчэ раз паўторым нашыя патрабаванні да Ярмошынай, якія падпісалі два кандыдаты - Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў. Патрабуем дадатковых тэлевыступаў. Гэта адзінае, чаго мы патрабуем".

Пасля гэтага прыхільнікі абодвух кандыдатаў пайшлі калонай да Палаца Рэспублікі, дзе праходзіць Усебеларускі народны сход. Апазіцыянеры хацелі перадаць гэтыя патрабаванні ўдзельнікам сходу. Аднак каля ГУМа іх спынілі міліцыянты. Каб не правакаваць сілавікоў, удзельнікі акцыі вырашылі разысціся.