Пракуратура апраўдала арышт "Вольнага гораду"

Пракуратура Крычаўскага раёну не знайшла падставаў для крымінальнага пераследу мясцовых міліцыянтаў. Выдавец незалежнай крычаўскай газеты "Вольны горад" Уладзімір Кудраўцаў вінаваціў трох праваахоўнікаў у крадзяжы 297 асобнікаў свайго выдання і перашкодзе прафесійнай дзейнасці журналістаў, перадае Радыё "Свабода".

У лісце Кудраўцаву за подпісам раённага пракурора гаворыцца, што незарэгістраванае выданне "Вольны горад" друкуецца з парушэннем закону "Аб сродках масавай інфармацыі". Таму падставаў для праверкі і пачатку крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія прыходзілі ў рэдакцыю, пракуроры не бачаць.

Дарэчы, галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ знішчыла рэпутацыю прэзідэнта Лукашэнкі" з каментаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм расійскай тэлекампаніі "Хросны Бацька".