Пракуратура арганізуе для чыноўнікаў экскурсіі за краты

Экскурсіі па месцах пазбаўлення волі арганізаваныя для кіраўнікоў ведамстваў, найбольш схільных да карупцыйных рызыкаў. Па меркаванні генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, гэта можа стацца дзейсным захадам у барацьбе с карупцыяй. Генпракурор заявіў, што барацьбе з карупцыяй бракуе галоснасці. Яе трэба зрабіць больш відавочнай і нагляднай. Такім чынам можна псіхалагічна ўздзейнічаць на патэнцыйных карупцыянераў, лічыць сп. Васілевіч.

Сёлета ў Беларусі да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў прыцягнута больш за 2,6 тысячы чалавек. Большасць карупцыйных правапарушэнняў выяўленая супрацоўнікамі МУС. Вялікая частка гэтых злачынстваў звязаная з хабарамі, злоўжываннем службовымі паўнамоцтвамі і службовымі падробкамі. Да сфераў, найбольш схільных да карупцыйнай рызыкі, Рыгор Васілевіч аднес гандаль, сельскую гаспадарку, будаўніцтва, прамысловасць і сістэму дзяржкіравання, паведамляе інфармагенцтва “БелТА”.