Пракуратура палохае ўдзельнікаў мітынгу 10 студзеня крымінальнымі справамі

Дзве крымінальныя справы расследуе Мінская гарадская пракуратура па факце несанкцыянаванай акцыі ў сталіцы 10 студзеня, якую праводзілі індывідуальныя прадпрымальнікі.  Яны распачатыя па артыкулах “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх” і “Хуліганства”. Удзельнікі несанкцыянаванага мітынга будуць прыцягнутыя да адказнасці, са спасылкай на пракуратуру паведамляе тэлеканал СТВ.

Нагадаем, што на сённяшні дзень у Мінску і шэрагу рэгіёнаў адбываюць адміністрацыйнае пакаранне больш за 40 удзельнікаў згаданай акцыі: прадпрымальнікаў, палітыкаў, актывістаў моладзевых арганізацый. Яны былі асуджаныя на тэрміны ад 10 да 20 сутак.

На 21 студзеня ў Мінску запланаваная чарговая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў.