Пракуратура расследуе ДТЗ з удзелам афіцэра ДАІ

Пракуратура Гродзенскай вобласці вядзе дазнанне па факце ДТЗ з удзелам начальніка ўпраўлення ДАІ Гродзенскага аблвыканкама 38-гадовага Ігара Смольскага.

Пра падрабязнасці ДТЗ І.Смольскі, прызначаны на гэтую пасаду 11 сакавіка, паведаміў у інтэрв'ю "Комсомольскай правде" 28 сакавіка.
Паводле Смольскага, "ДТЗ адбылося некалькі дзён таму на скрыжаванні ў вёсцы Алекшыцы, пры закругленні дарогі". "На скрыжаванні з левага боку стаяла разбітая машына. Тут ужо да мяне адбылося ДТЗ. Вадзіцель машыны выйшаў на праезную частку і стаў размаўляць па тэлефоне. Калі я яго ўбачыў, то затармазіў і спрабаваў яго аб'ехаць. Але ён ішоў па дарозе ў мой бок. Пазбегнуць ДТЗ было немагчыма: ішоў моцны снег, і бачнасць была моцна абмежаваная. Дарога была вельмі коўзкая. З яго словаў, пры падзенні ён атрымаў удар. Я разам з прахожым падняў яго. "Хуткую дапамогу" ён выклікаў сам, таму што сярод яго пасажыраў ужо былі пацярпелыя", — расказаў Смольскі.

Цяпер начальнік УДАІ знаходзіцца на бальнічным, але сцвярджае, што "хвароба з ДТЗ ніяк не звязаная".

БелаПАН