Пракурор: За 30 год колькасць самагубстваў вырасла на 40%

Колькасць самазабойстваў павялічылася на Брэстчыне. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксей Карагода: "Прырост дала вёска — на 3,8% больш выпадкаў у 2009 годзе ў параўнанні з папярэднім. Часцей за ўсё самазабойствы здараюцца праз алкаголь. 1 літр прыросту спажывання алкаголю дае 3% росту суіцыдаў. І дрэннае матэрыяльнае становішча ўплывае".

У абсалютных лічбах колькасць суіцыдаў у Брэсцкай вобласці склала за 2009 год 356 выпадкаў (за 2008 было 352).   

Паводле звестак Аляксея Карагоды, з 1979 па 2007 год колькасць самазабойстваў вырасла на 41,2% (з 17,7 да 25 на 100 тысячаў насельніцтва). Прычым рост колькасці самагубстваў у п'яным стане склаў блізу 50%.

Напалову менш стала ў Брэсцкай вобласці самазабойстваў падлеткаў (6 выпадкаў у 2008 годзе і 3 ў 2009). Павешанне - самы папулярны сродак пайсці з жыцця: у 2009 годзе ім скарысталіся 329 жыхароў Брэсцкага рэгіёна.