Прарыў цеплатрасы ў Гродне, ёсць пацярпелы (фота)

Раніцай 30 снежня на вуліцы Ажэшка ў Гродне адбыўся прарыў цеплатрасы. У выніку, цяпло і гарачая вада знікла ў трох шматпавярховіках, дзіцячым садку, чыгуначным вакзале, пошце, часткова ў заапарку. Без гарачай вады засталіся жыхары пяці дамоў па вуліцы Валковіча. Праводзяцца рамонтныя працы. Як інфармуе прэс-служба МНС, на месцы працуе камісія па надзвычайных сітуацыях пры Гродзенскім гарвыканкаме і штаб ліквідацыі аварыі.

У выніку аварыі пацярпеў 76-гадовы мужчына. У пад'ездзе, які залівала гарачая вада, ён паслізнуўся і ўпаў. Пенсіянер атрымаў апёкі рук і ног 1-2 ступені (12% цела). Ён здолеў самастойна выклікаць "хуткую", да якой яго данеслі выратавальнікі.

Фота — МНС