Прэм’ера "На спіне ў чорнага ката" прайшла ў Ляскавічах

Упершыню ў гісторыі айчыннага кіно прэм'ера новай стужкі "Беларусьфільма" — камедыі "На спіне ў чорнага ката" — прайшла ў вёсцы. Гэта адбылося 6 чэрвеня ў Доме культуры вёскі Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці і сабрала аншлаг. Менавіта на тэрыторыі Ляскавіцкага сельсавета праводзіліся летась здымкі карціны. У масавых сцэнах здымаліся мясцовыя жыхары.

На дэманстрацыю камедыі прыехала творчая група на чале з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Іванам Паўлавым. Два вячэрнія сеансы наведалі каля 500 мясцовых жыхароў. Пасля прагляду І.Паўлаў вывеў на сцэну творчую групу, падзякаваў мясцовым жыхарам за дапамогу, падкрэсліў, што большую частку з задуманага зрабіць удалося, а таксама параіў не перажываць тым, хто не ўбачыў сябе на экране. Рэжысёр выказаў надзею, што неўзабаве з'явіцца тэлевізійная версія камедыі, якая будзе даўжэйшая на 20 хвілін. Ён таксама паабяцаў перадаць у Ляскавічы DVD-дыскі з фільмам, якія павінны быць выпушчаны на працягу месяца.
Карціна выклікала цікавасць і тым, што ў ёй знялася ўнучка цяперашняга кіраўніка Беларусі – Вікторыя.
БелаПАН