Прыкладам Польшчы скарыстаюцца і астатнія краіны Еўрасаюза?

Сёння першы дзень, калі беларусы могуць бясплатна атрымаць польскія нацыянальныя візы. Эксперты адзначаюць, што гэта — важны псіхалагічны крок. Але людзі каля консульства стаяць у асноўным па “шэнген”. Паводле іх словаў, новаўвядзенне пакуль нічога не змяняе.

“Польшча проста задае кантэкст, у межах якога, я спадзяюся, будзе далей дзейнічаць Еўрасаюз. Рашэнне пра шэнгенскія візы, пра спрашчэнне працэдур, пра змяншэнне цэн на візы — гэта рашэнне Савета Еўрасаюза. І для гэтага мусяць быць першыя крокі ад дзяржаў-чальцоў, — адзначае палітолаг Алесь Лагвінец. — Не варта перабольшваць значэння гэтага кроку, але ён вельмі важны. Асабліва калі ён ідзе разам з абмежаваннем на ўезд для ўсіх тых людзей, якія задзейнічаныя ў парушэннях дэмакратычных прынцыпаў Беларусі і рэпрэсіях супраць дэмакратычных актывістаў”.

Пакуль сама сістэма не змянілася: як і раней, трэба пакідаць электронную заяўку… Проста з грамадзянаў Беларусі не будзе здымацца консульскі збор у 20 еўра. “Усе нацыянальныя візы бясплатныя”, — паведамілі Еўрарадыё ў амбасадзе Польшчы ў Беларусі.

Для атрымання нацыянальнай візы патрэбна запрашэнне ад польскага боку, запоўненая анкета, фотаздымак, страхоўка, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць сродкаў на ўезд, знаходжанне і выезд з Польшчы.

Адзначым, што польская нацыянальная віза дазваляе вандраваць 3 месяцы цягам паловы года па тэрыторыі ўсяго Еўрасаюза. Так што сам па сабе — гэта пазітыўны крок, дадае Алесь Лагвінец.

Ці адаб'юцца новаўвядзенні на колькасці жадаючых атрымаць візу?

У амбасадзе кажуць, што пра гэта пакуль меркаваць рана. Больш выразную карціну можна будзе пабачыць пасля святаў. Людзі, якія стаялі ў чарзе 3 студзеня, падавалі заявы яшчэ да святаў. І таму, магчыма, для некаторых з іх нават стане прыемным сюрпрызам тое, што візу яны змогуць атрымаць бясплатна.

На наступным тыдні пройдзе прэс-канферэнцыя, падчас якой консулы адкажуць на ўсе пытанні датычна новых правілаў.

Журналіст Еўрарадыё пагутарыла і з людзьмі, якія стаялі 3 студзеня ў чарзе па візы. Пакуль зменаў яны не адчулі…

Еўрарадыё: Вы за якой візай стаіце — за нацыянальнай ці шэнгенскай?
— За шэнгенскай.
— А што думаеце пра тое, што цяпер бясплатныя нацыянальныя?
— Нічога не думаю. Нам ад гэтага ні лягчэй, ні цяжэй не стане.

Еўрарадыё: Вы стаіце за нацыянальнай ці шэнгенскай візай?
— За шэнгенам.

- А ці чулі пра тое, што змяніліся правілы і што цяпер нацыянальныя візы будуць бясплатнымі?
— Так, чулі. І што? Гэта ніякай ролі не грае.
— Тут наўрад ці хто стаіць за нацыянальнай. Яны ж толькі студэнтам выгадныя. Яны і будуць ездзіць. Гэта асноўная маса — студэнты або тыя, хто працуе ў Польшчы.

— А вы таксама па шэнген стаіце?
— Так, тут, напэўна, шмат хто па шэнген? Вы таксама па шэнген? (пытаецца ў суседа)
—Так, па шэнген.

Нагадаем, згодна з пастановай польскага МЗС, ад 1 студзеня 2011 года здымаюцца аплаты за разгляд і выдачу нацыянальных польскіх віз для грамадзянаў Беларусі .

Адначасова будуць уведзеныя візавыя санкцыі для тых людзей, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыях вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіях супраць кандыдатаў ды ўдзельнікаў акцыі 19 снежня.

Фота: photo.bymedia.net