“Пясняр” Ігар Свечкін: Фальшывыя “Песняры” не ведаюць беларускай мовы"

Апошні скандал з нібыта “фальшывымі” “Песнярамі” Свечкіна паказаў, што альбо ўсе “Песняры” фальшывыя, альбо ўсе яны — сапраўдныя. Еўрарадыё вырашыла даць слова парушальнікам спакою і пагаварыць з дырэктарам расійскіх “Песняроў” Ігарам Свечкіным — хай самі тлумачаць, хто з іх Мулявіну бліжэй. Еўрарадыё: Як Вы самі апынуліся ў “Песнярах”?

Ігар Свечкін: Я прыйшоў 1-га верасня 1992 года. У той час у “Песняры” трапіць было вельмі цяжка і Мулявін запрасіў мяне на пасаду адміністратара калектыву праз маю знаёмую пасля аднаго са “Славянскіх базараў”. Натуральна, тады існаваў адзін ансамбль.
 

“Песняры” і Ігар Свечкін (справа)
 

 

Еўрарадыё: І калі музыкі вырашылі падзяліцца?
Ігар Свечкін: У 1998 годзе пачынаў наспяваць канфлікт. Так атрымалася, што ў канцы 98-га года за Мулявіным пакінулі толькі пасаду мастацкага кіраўніка, а Ўлад Місевіч, які да таго часу сышоў на пенсію, быў прызначаны дырэктарам.

У той час міністрам культуры яшчэ быў Сасноўскі Аляксандр Уладзіміравіч. Вось ён і сказаў: будзе гэты падзел. Мулявін нічога ў гэтым не разумее, няхай ён кіруе толькі мастацкім працэсам, а астатнімі пытаннямі займаецца Місевіч.

Пачаліся трэнні ў калектыве. І Мулявін сказаў: “Я так не магу: калі хлопцы будуць працаваць з Місевічам — давай набіраць новых людзей. У нас яшчэ студыя “Лявоны” ёсць: Павел Заяц, Сяргей Мядзведзеў, Алег Усціновіч, Алег Моўчан, Аркадзій Іваноўскі”.

 

 

 


Уладзіслаў Місевіч


 І вось з гэтымі музыкамі мы пачалі ствараць свой гурт. У адным калектыве “Дзяржаўны ансамбль “Песняры” атрымаліся два склады. У 1998 годзе вярнуўся Валерый Дайнэка. А да Місевіча сышлі Ігар Пеня, Уладзімір Марусіч, Аляксандр Кацікаў і Алег Аверын.

Еўрарадыё: Але пазней Мулявіна аднавілі на пасадзе.

Ігар Свечкін: Так. Гэты факт ускалыхнуў усю грамадскасць Масквы. Эсамбаеў, Пахмутава, Дабранраваў, Кабзон, Пугачова, Ратару і многія іншыя, абураныя адхіленнем Мулявіна, напісалі доўгі ліст ад канцэртнай залы “Расія” прэзідэнту Беларусі. У мяне ён захоўваецца дагэтуль.

Тады прэзідэнт выклікаў Уладзіміра Мулявіна і Аляксандра Сасноўскага да сабе, высветліў усе акалічнасці па гэтым факце і сваім загадам вызваліў Сасноўскага ад пасады міністра культуры, якую ён займаў, а Мулявіна аднавілі на пасадзе “дырэктар-мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры”.

І ў тым жа 1998 годзе Місевіч са сваімі хлопцамі-музыкамі сышлі ад Уладзіміра Мулявіна і з'ехалі ў Маскву.

 

 

 

 

“Мы проста паспелі, зарыентаваліся і зарэгістравалі імя”

9 траўня 2000 году, Масква

 
Еўрарадыё: Вы зарэгістравалі назву і спяваеце рэпертуар Мулявіна? “Беларускія Песняры” таксама маюць на гэта права?

Ігар Свечкін: 18 снежня 1998 года мы з Мулявіным падалі запыт у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь: ці мае права ансамбль Місевіча звацца “Беларускія Песняры”. І атрымалі адказ: гурт не парушае аўтарскіх і сумежных правоў.

Вось і атрымалася так, што мы з “Лявонамі” плюс Алег Моўчан, Аркадзь Іваноўскі пачалі ствараць новую праграму. Затым да нас прыйшоў Вадзім Касенка з аркестра Фінберга і Валерый Скаражонак. Мулявін унутраным загадам прызначыў мяне намеснікам дырэктара па канцэртна-фінансавай і гаспадарчай дзейнасці. Гэта значыць права подпісу мелі я і Мулявін.

А.Моўчан, І.Пеня, А.Кацікаў, У.Мулявін, А.Іваноўскі, А.Казловіч (Аверын)

Еўрарадыё: Як атрымалася вярнуць “Песнярам” Барткевіча і Кашапарава ?

Ігар Свечкін: У 2000 годзе з гэтай мэтай Мулявін паляцеў у Амерыку. У тым жа годзе Леанід Барткевіч прыляцеў на “Залаты шлягер”, і гэтым складам мы працавалі да 2003 года. Хай і існавалі два калектывы, але ўсё было добра, пакуль Мулявін не трапіў у аўтакатастрофу.
 

Л.Барткевіч, І.Свечкін, А.Кашапараў, чэрвень 2001г., Нью-Ёрк

І пачалося, як Мулявін памёр....
Тады міністрам культуры быў Леанід Гуляка. Ён мяне выклікаў і кажа: “Ігар, што адбываецца? Цяпер ансамбль застаўся без кіраўніка, адпаведна Вы — выканаўца абавязкаў. Не паспелі пахаваць Мулявіна, мінулі два дні, а да мяне ўжо прыходзяць людзі з вашага калектыву і прэтэндуюць на пасаду мастацкага кіраўніка. Вы разбярыцеся”.
 

“Залаты” склад "Песняроў", 70-я гады
 
Калі я спытаў у хлопцаў, хто хадзіў да міністра, ніхто не прызнаўся. І усё ўляглося. Валерый Скаражонак ужо не хадзіў нават на рэпетыцыі і я запрасіў у каманду Ўладзіміра Стамаці з Украіны. У Ўладзіміра шыкоўны голас. Ён у пачатку 80-х спяваў у “Верасах”, потым спрабаваў трапіць у “Песняры”, але ў тыя часы ў нас быў стабільны склад.
Ужо са Стамаці мы запісалі “Нарач” і “Рэквіем” у памяць Мулявіну.

У 2003 годзе мы з'ездзілі на “Славянскі базар” і сышлі ў адпачынак. А калі вярнуліся — даведаліся пра прызначэнне Валерыя Скаражонка мастацкім кіраўніком і дырэктарам ансамбля “Песняры”. Для ўсіх нас — і музыкаў, і тэхнічнага персаналу — гэта быў шок, удар. Мы палічылі, што ён прысвоіў сабе чужое, прапрацаваўшы з Мулявіным без года тыдзень. І ўсе мы, 23 чалавекі, напісалі заявы аб звальненні.

Пасля звальнення мы з'ехалі ў Маскву. Там мы з Леанідам Барткевічам знайшлі па знаёмстве юрыдычны адрас і на фірму “Адмірал”, г. Зеленаград, мы падалі заяву ў Распатэнт — зарэгістравалі ТАА “Песняры”. У 2004 годзе нам ужо далі Жэнеўскі патэнт. Нас трое заснавальнікаў: Леанід Барткевіч, Зміцер Кір’янаў і я, Ігар Свечкін. Патэнт дзейнічае да 19 верасня 2013-га года.

Калі зараз мне кажуць, хто такі Свечкін і што, маўляў, у мяне працуюць нейкія незразумелыя людзі... Так усе мае музыкі працавалі з Мулявіным!

Еўрарадыё: Гэты патэнт дае вам права выпускаць дыскі?

Ігар Свечкін: І альбомы выпускаць, і займацца канцэртнай дзейнасцю. Нам дадаткова да патэнта з Жэневы прыйшла папера, па якой мы маем права выступаць па тэрыторыі СНД і краінах Балтыі.

Еўрарадыё: Як у “Песнярах” з'явіўся Вячаслаў Шарапаў?
 

Вячаслаў Шарапаў
 
Ігар Свечкін: Калісьці Вячаслаў Шарапаў напісаў некалькі песень для “Песняроў”, рабіў аранжыроўкі. Скаражонак прасіў мяне ўзяць Вячаслава Шарапава ў калектыў. Я ж хацеў пачуць меркаванне Мулявіна. На жаль, Уладзіміру Георгіевічу тады ўжо было цяжка прыняць такое рашэнне і ён даў выбар мне. Я хацеў узяць Алега Моўчана, які зрабіў для нас шмат аранжыровак у тыя гады (на песні "Малітва", "Гусі", "Кума"), але паслухаў Скаражонка і мы ўзялі Вячаслава Шарапава. Мулявін яго пару разоў бачыў.

Потым невядомым мне чынам Скаражонак і Шарапаў “памяняліся” ролямі і ўжо Шарапаў набраў малады склад дзяржаўнага ансамбля "Песняры".
 
“У Беларусь я не лезу — ёсць дзяржаўны ансамбль"

Еўрарадыё: Хто сёння працуе ў “Песнярах” з Вамі?

Ігар Свечкін: Аляксандр Віслаўскі — кампазітар, аранжыроўшчык, клавішнік, (у “Песнярах” Мулявіна працаваў з 1985 па 1990 год);

Уладзімір Марусіч — вакал, барабаны, (працаваў у1992-1998 гадах, затым сышоў з Місевічам і Дайнекам ў “Беларускія Песняры” і год таму вярнуўся да нас);

Павел Заяц — бас-гітара, вакал, ударныя (працаваў у студыі “Лявоны” з 1994 па 1999);

Уладзімір Стамаці — вакал. Ён — адзіны чалавек, хто не паспеў папрацаваць з Мулявіным;

Віктар Малчанаў — гітара, вакал, (працаваў з 1993 па 1998 год). Падчас першых “разборак” у “Песнярах” Мулявіна ён з'ехаў у Амерыку.

Вось бачыце, “левых” тут няма. І наогул, я не разумею ў чым праблема: у Беларусь я не лезу — ёсць дзяржаўны ансамбль. Я прапрацаваў 11 гадоў з Мулявіным поруч. А з “Песнярамі” у агулам ўжо 17 гадоў. Музыкі толькі на рэпетыцыі і на канцэрты прыязджалі, а я вырашаў усе адміністрацыйныя пытанні. Помнік пры жыцці трэба паставіць!

Еўрарадыё: Дзе цяпер першы выканаўца “Волагды”? Чаму не атрымалася вярнуць Кашапарава?

Ігар Свечкін: Толя прыехаў са Штатаў і пайшоў у дзяржаўны ансамбль. І так атрымалася, што неяк я запрасіў яго выступіць з намі ў Адэсе. Ён пагадзіўся. Шарапаў даведаўся пра гэта і адбыўся скандал.

Ну што тут такога? Хацеў чалавек зарабіць капейку. Пасля гэтага Анатоль скасаваў з імі кантракт, прыйшоў да мяне і сказаў: “Я — свабодны чалавек і не магу быць пад кімсьці. Я хачу выступаць з тымі, з кім я хачу і калі хачу”. І зноў з'ехаў у Амерыку.

Анатоль Кашапараў, 12.01.2006, канцэрт у філармоніі

Я чуў, што ў кастрычніку-лістападзе ён можа ізноў вярнуцца. Такіх людзей, як Барткевіч і Кашапараў, трэба берагчы. Я б даўно ўзяў Анатоля да сябе ў калектыў, але ён стала ў раз'ездах паміж Амерыкай і Беларуссю.
 
“Дзяржаўны ансамбль я б назваў кавер-бэндам”

Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”
 
Еўрарадыё: Ці падтрымліваеце вы адносіны з астатнімі “Песнярамі”. З Дайнекам або тымі ж Скаражонкам, Шарапавым?

Ігар Свечкін: З “Беларускімі Песнярамі” ў нас добрыя адносіны, у кожнага свой хлеб.
З дзяржаўным ансамблем — не. Прынцыпова. Можа гэтыя хлопцы і добра спяваюць, я не ведаю. Але гэта тое ж самае, што набраць новых музыкаў у “Ролінг Стоўнз” (Rolling Stones) і сказаць — вось гэта “Ролінг Стоўнз”, прыходзіце на канцэрты.

Чаму не? Таму што абсурд. У іх няма духу песняроўскага. Як бы яны не спявалі, колькі б песень добрых для іх не напісалі — дух “Песняроў” ёсць толькі ў тых, хто працаваў з Мулявіным. Дзяржаўны ансамбль я б назваў кавер-бэндам — добра выконваюць песні “Песняроў”, не больш за тое.

Еўрарадыё: Калі вы не перасякаецеся ў “гастрольных тэрыторыях”, адкуль тады гэтыя склокі паміж рознымі складамі “Песняроў”?

Ігар Свечкін: У нас свая кухня, а ў беларускіх дзяржаўных “Песняроў” свая. Хай праедуцца па Беларусі з гастролямі — гэта ж не сорамна. Украіна таксама вялікая, і ўсюды мае “Песняры” не паспяваюць. Але ж мы ездзім афіцыйна!

Гады два таму на нашым канцэрце ў Трускаўцы быў міністр культуры Ўладзімір Матвейчук. Пасля выступу падышоў і падзякаваў усім хлопцам за дастойны уклад у беларускую культуру і творчасць “Песняроў”.

Ігар Пеня і Ігар Свечкін. Масква, 1993г.

Так што дарма Вячаслаў Шарапаў разводзіць нейкія страсці. Ну што рабіць? Існуе 3-4 калектывы “Лейся, песня”, тое ж з ансамблямі “Синяя птица”, “Весёлые ребята”. Так, вельмі шмат музыкаў паспрабавала спяваць пад выглядам “Песняроў”. Але мы проста паспелі, зарыентаваліся і зарэгістравалі імя.

Еўрарадыё: Гэта значыць вы ведаеце, што па Расіі гастралююць яшчэ тры або чатыры калектывы “Песняроў”?

Ігар Свечкін: Вось гэта самае крыўднае. Тое, што ў іх няма рэгістрацыі — гэта адно. А вось тое, што гэтыя людзі нават беларускай мовы не ведаюць — гэта сур'ёзней. Як яны могуць спяваць элементарна “Касіў Ясь канюшыну”?

А як іх забараніць? Дзе лавіць? Мы часам адпраўляем нашага юрыста на канцэрты ілжэ-“Песняроў”. Аднойчы атрымалася такіх знайсці — іх арыштавалі прама на месцы.

Вось за “Беларускіх Песняроў” я дзвюма рукамі. Гэта глыба!

Еўрарадыё: А “Песняры” Шарапава, прыехаўшы з канцэртам у Расію, парушаць закон?

Ігар Свечкін: У Расію, на Ўкраіну яны маюць права прыязджаць на Дні культуры Рэспублікі Беларусь. Як мы калісьці з Мулявіным ездзілі. Напрыклад, Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Мурманскай вобласці. І “Песняры” абавязкова павінны быць у гала-канцэрце! Хоць бы трыма песнямі, але трэба было завяршыць свята..

Уладзімір Мулявін, 1994 год
 
Калі я разумею правільна — па іх патэнце яны павінны выконваць планавыя канцэрты ў Беларусі. Я не разумею, чаму яны не ездзяць па Беларусі, а вось у Расію іх цягне. Убачылі нас у Туле, скандал паднялі... Мы на гэтыя канцэрты маем права! Паўтаруся: я ж ў Беларусь не лезу.
 
“У вас жа там “Песняры” не адны, дайце тэлефончык...”

Еўрарадыё: Калі ёсць некалькі калектываў — напэўна ёсць і неспадзяванкі з “накладкамі” канцэртаў?

Ігар Свечкін: Аднойчы ў мяне быў падобны выпадак. На адну і тую жа дату нас запрасілі ў тры гарады Расіі адразу. Усюды “Песняры” патрэбныя! Я даў дабро адным, тады астатнія мне сказалі: “У вас жа там “Песняры” не адны, дайце тэлефончык...” Бачыце, які фронт працы? Толькі працуйце! Калі па-добраму.

Еўрарадыё: Пра “шматаблічных” “Песняроў” і скандале з канцэртам у Туле напісалі ўсе СМІ, чаму Вы не спрабавалі нічога патлумачыць, аспрэчыць?

Ігар Свечкін: Я ад Мулявіна гэтаму навучыўся, калі ў канцы 90-х “Беларускія Песняры” пісалі розныя гадасці ў прэсе, травілі Мулявіна, што ён п'яніца, які не выходзіць з запояў.

Як бы там ні было — гэта не іх справа. Мне непрыемна ўспамінаць, як часам бруд адзін на аднаго лілі. Якім бы ні быў Уладзімір Георгіевіч — усе яны з ім працавалі і менавіта ён “зрабіў” усіх хлопцаў. Яны павінны быць удзячныя, што ў свой час патрапілі ў гэты ансамбль і працавалі з ім.

Уладзімір Мулявін і Ігар Свечкін. 9 траўня 1994 года, Масква, "Паклонная гара"
 
А калі ў Мінску адкрывалі помнік Мулявіну — усе сабраліся, як ні ў чым не бывала і цяпер усе кажуць пра яго добра. Трэба было яго пры жыцці шанаваць, а не пасля смерці. На жаль.

Вячаславу Шарапаву не трэба гэтыя плёткі распускаць цяпер. Ён сам з Мулявіным практычна не быў і не ведаў яго толкам. Я б на яго месцы лепш працаваў і ствараў.


Еўрарадыё: Якія песні на вашых канцэртах прымаюць лепш за ўсё?

Ігар Свечкін: Ёсць добрыя новыя песні, але глядач усё роўна патрабуе “Беловежскую пущу”, “Вологду”, “Александрыну”, “Алесю”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Дорогой длинною”, “Берёзовый сок”. Без гэтых песень мы нікуды!

 Гэта значыць, падчас канцэрту мы паказваем 3-4 новыя песні, такія як “Нарач” або “Рэквіем”, але ўсё роўна падчас антрактаў людзі пытаюць: “А ці будзе “За полчаса до весны” і “Наши любимые”?

Ну як без іх? Вядома, выконваем.


Фота: http://pesnyary.land.ru
           http://www.pesnyary.com
           www. BelarusToday.info