Радаван Караджыч, які падазраецца ў ваенных злачынствах, хаваўся ў Беларусі

Былая памочніца генеральнага пракурора міжнароднага ваеннага трыбунала па былой Югаславіі ў Гаазе сцвярджае, што ЗША і Расія перашкодзілі арышту Радавана Караджыча ў 1997 годзе.
Флоранс Хартман, якая да мінулага года была памочнікам генеральнага пракурора Карлы дэль Понтэ на працягу шасці гадоў, робіць гэтыя заявы ў сваіх мемуарах, якія былі апублікаваныя ў Францыі ў панядзелак.

Нагадаем, былы лідэр баснійскіх сербаў быў аб’яўлены ў міжнародны вышук у сувязі з абвінавачаннямі ў этнічных чыстках падчас вайны ў Босніі і Герцагавіне. Яму інкрымінуюць масавыя забойствы мусульман.

У кнізе "Свет і пакаранне" гаворыцца, што ў 1997 годзе былы прэзідэнт Францыі Жак Шырак збіраўся правесці аперацыю па затрымцы Радавана Караджыча, але экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, пры падтрымцы брытанскага прэм'ера Тоні Блэра і канцлера Нямеччыны Гельмута Кёля, запэўніў Шырака не абвастраць гэтае пытанне з-за пярэчанняў Расіі.

У кнізе прыводзяцца словы былога французскага прэзідэнта: "Барыс Ельцын сказаў мне, што Караджыч ведае занадта шмат пра Мілошавіча. Ён папярэдзіў мяне, што вывязе яго самалётам з Босніі ў выпадку неабходнасці, але ніколі не пагадзіцца на яго арышт".

Хартман сцвярджае, што ў лістападзе 1997 года, калі ў Босніі, якая знаходзілася пад кантролем NATO, павінны былі прайсці выбары, расійскі самалёт тэрмінова эвакуяваў Караджыча на некалькі месяцаў у Беларусь.

Нагадаем Радаван Караджыч, а таксама генерал Ратка Младзіч дагэтуль знаходзяцца ў вышуку. Улады ЗША прапаноўваюць 5 мільёнаў долараў за інфармацыю пра іх.

BBC