Рака Буг можа адабраць у Польшчы 100 га тэрыторыі і аддаць іх Беларусі

Палякі засцерагаюцца, што цячэнне ракі зменшыць тэрыторыю краіны на карысць Беларусі на 100 гектараў. Бо акурат пасярэдзіне цячэння праходзіць мяжа дзвюх краінаў.

Як паведамляе TUT.by са спасылкай на польскі тэлеканал TVN24, рака Буг глыбока падмывае польскі бераг. Калі яна яго прарве, цячэнне пойдзе ў сярэдзіне заказніка Дубовы луг і такім чынам зменіць плошчу краіны на 100 гектараў.

На гэтым участку дзейнічае беларуска-польскае пагадненне, якое было падпісана яшчэ ў 1960-я гады. Мяжа дзвюх краінаў праходзіць па галоўным цячэнні Буга, а не па дне ракі.

Дарэчы, Польшча магла страціць частку гэтай тэрыторыі яшчэ ў 1990-я гады. Тады былі зробленыя захады для ўмацавання берага. Цяпер польскаму боку зноў давядзецца пра гэта паклапаціцца і патраціць на такія патрэбы крыху больш за мільён долараў.