Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску быў прыпынены

Чырвоны касцёл у Мінску на пачатку рамонту

Чырвоны касцёл у Мінску на пачатку рамонту / фота з сацсетак

Апошні месяц работы на рамонце Чырвонага касцёла ў Мінску амаль не вяліся. Нягледзячы на высокі плот, было заўважна, што будаўнікоў на пляцоўцы амаль не было, з касцёла не даносіліся характэрныя гукі рамонту, піша выданне katolik.life.

Пра ход рамонту вернікаў у парафіі не інфармуюць, таму папазўлі чуткі і здагадкі. Каб высветліць праўду, адзін з вернікаў датэлефанаваўся ў дзяржпрадпрыемства "Мінская спадчына", якое з'яўляецца ўласнікам будынка касцёла і заказчыкам работ.

На прадпрыемстве пацвердзілі, што на пэўны час рамонт быў прыпынены. Гэта патлумачылі неабходнасцю дадатковых работ: "Былі некаторыя пытанні, патрабаваўся час на праходжанне новай экспертызы".

Пры гэтым у "Мінскай спадчыне" верніка запэўнілі, што асноўныя работы ўжо аднаўляюцца, а тэрміны завяршэння рэканструкцыі не зменяцца.

Рамонт пачаўся ў чэрвені 2025 года. Увесці будынак у эксплуатацыю плануецца ў студзені 2027-га. Праўда, дагэтуль невядома, ці аддадуць яго зноў вернікам і на якіх умовах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.