Сафійскі сабор у Полацку рыхтуюць да рэстаўрацыі

Сафійскі сабор 

Сафійскі сабор  / belarus.travel

У Полацку рыхтуюцца рэстаўраваць Сафійскі сабор. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік абвясціў працэдуру па вывучэнні кан'юнктуры рынку для распрацоўкі перадпраектнай дакументацыі на рамонтна-рэстаўрацыйныя працы, заўважыў Тэлеграм-канал “Спадчына”.

Агулам выдзелена 2,4 мільёна рублёў, з якіх 1 мільён будзе накіраваны з рэспубліканскага бюджэту, а 1,4 мільёна — з мясцовага. Сабор пазначаны найвышэйшай катэгорыяй “0”: такія прэтэндуюць на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА.

Будаўнічыя працы запланаваныя на перыяд з 2026 па 2028 год. Цяпер жа будзе праходзіць перадпраектная стадыя, якая пратрывае чатыры месяцы (з чэрвеня па верасень 2026 года). За гэты час праекціроўшчыкі мусяць правесці комплексныя навуковыя пошукі, на аснове якіх будзе распрацавана архітэктурна-планіровачная канцэпцыя. Яна прадугледжвае рашэнні па рэстаўрацыі фасадаў, выбар метадаў узмацнення гістарычных канструкцый і мадэрнізацыю інжынерных сетак з улікам функцыянавання сабора як музея.

Дадаткова ў плане патрабуецца стварыць праект новай архітэктурнай падсветкі будынка і прылеглай тэрыторыі, а таксама правесці ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ёсць і патрабаванне па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, аднак з удакладненнем, што праз гістарычныя асаблівасці аб'екта магчымасці для адаптацыі будуць абмежаванымі.

Сафійскі сабор — гэта ўнікальны сімбіёз муроў ХІ стагоддзя і віленскага барока Яна Глаўбіца XVIII стагоддзя, нагадвае “Спадчына”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.