РАО ЕЭС заяўляе, што перамовы з Беларуссю ніхто не спыняў

У расійскай кампаніі ААТ “Інтэр РАО ЕЭС” абвяргаюць інфармацыю пра спыненне перамоваў з ДВА “Белэнэрга”. Нагадаем, паведамлялася, што перамовы паміж Расіяй і Беларуссю наконт паставак расійскай электраэнэргіі праз Беларусь у краіны Балтыі і яе транзіту ў Калінінградскую вобласць перапыненыя з тэхнічных прычынаў. Намеснік кіраўніка прэс-службы расійскай кампаніі Цімур Бялоў запэўніў Еўрарадыё, што зараз па тэлефоне ўдакладняецца дата чарговай беларуска-расійскай сустрэчы па пытанні паставак электраэнэргіі.

Цімур Бялоў: “Нават не прыпынілі. Насамрэч там зараз менавіта ўдакладняюць дату, калі пойдзе чарговы раўнд перамоваў. Там насамрэч чыста арганізацыйна-тэхнічныя прычыны. Нехта з кіраўніцтва Белэнерга паехаў у камандыроўку, хтосьці – з нашага кіраўніцтва. І вось зараз папросту па даце – я думаю, яны  ў найбліжэйшы час пройдуць, гэтыя перамовы. Зараз гэта абмяркоўваецца ў рэжыме тэлефонных кансультацыяў”.

Нагадаем, чарговы раўнд перамоваў паміж ААТ “Інтэр РАО ЕЭС” і ДВА “Белэнэрга” мусіў адбыццца сёння ў Мінску.