Расія пачала ядзерныя вучэнні

Ядзерная зброя, ілюстрацыйнае фота

Ядзерная зброя, ілюстрацыйнае фота / ТАСС

Мінабароны Расіі паведаміла, што 19-21 траўня праводзіць вучэнні па падрыхтоўцы і прымяненні ядзерных сіл.

Расійскае ведамства згадала, што аналагічная трэніроўка па падрыхтоўцы і прымяненні ядзернай зброі праходзіць і ў Беларусі. Мінабароны РБ заяўляла, што ва ўзаемадзеянні з расіянамі плануе адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да ўжывання.

У расійскіх вучэннях будуць задзейнічаныя больш за 7800 адзінак ўзбраенняў, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку больш за 200 ракетных пускавых установак, больш за 140 лятальных апаратаў, 73 надводныя караблі і 13 падводных лодак, у тым ліку восем — ракетных. Паведамляецца, што ўдзел у вучэннях прымуць больш за 64 тысячы чалавек. Да вучэнняў будуць прыцягнутыя Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, Паўночны і Ціхаакіянскі флоты, камандаванне далёкай авіяцыі, частка сіл Ленінградскай і Цэнтральнай ваенных акругаў.

Таксама ў Мінабароны РФ заявілі, што падчас вучэнняў плануецца пуск балістычных і крылатых ракет па палігонах на тэрыторыі Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.