Расія перадала Польшчы 67 тамоў справы аб расстрэлах у Катыні

Матэрыялы справы аб расстрэле польскіх афіцэраў у Катыні ў 1940 годзе перадала Польшчы генеральная пракуратура Расіі. Іх учора атрымаў у Маскве выконваючы абавязкі кіраўніка канцылярыі в. а. прэзідэнта Польшчы Яцэк Міхалоўскі. "Перадача гэтых дакументаў — гэта першы крок да пачатку паляпшэння супрацоўніцтва на дыпламатычным узроўні паміж Польшчай і Расіяй", — цытуе яго словы РИА Новости.

Матэрыялы налічваюць 67 тамоў па 250 старонак. Расследаванне расстрэлаў больш за 21 тысячы афіцэраў польскага войска, у ліку якіх былі і беларусы, пачалося ў 1990 годзе і доўжылася больш за 14 гадоў.

"Катынская справа" доўгія гады ўскладняла адносіны паміж Расіяй і Польшчай. Сёлета, пасля ўказання расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, Расархіў упершыню апублікаваў на сваім сайце электронныя ўзоры арыгіналаў дакументаў аб расстраляных вайскоўцах. Эксперты мяркуюць, што перадача гэтых матэрыялаў умацуе тэндэнцыю на паляпшэнне расійска-польскіх адносінаў.