Расійскі дыпламат параіў літоўцам ваяваць супраць аўто, а не супраць АЭС

26 красавіка ў Вільні адбыліся адразу тры антыядзерныя пікеты. Два з іх прайшлі пад амбасадамі Беларусі і Расіі. Яшчэ адзін быў зладжаны пад вокнамі Дому ўраду. Пад амбасадай нашай краіны пратэставалі некалькі дзясяткаў чалавек. Адной з удзельніц акцыі была актывістка экалагічнай арганізацыі “Экадом” з Беларусі Таццяна Новікава.

Таццяна Новікава: “Мы заклікаем урады ўсіх краін адмовіцца ад небяспечных планаў па будаўніцтве атамных электрастанцый і прадставіць усім нам стратэгіі бяз’ядзернага развіцця нашых краін”.

Тузін пікетоўцаў сабраўся і пад расійскай абмасадай. Сярод іх - адказны сакратар Кааліцыі экалагічных арганізацыяў Літвы Лінас Ваінюс.

Лінас Ваінюс: “Уручылі наш зварот да амбасады Расіі. Выйшаў чалавек – не вельмі прыязны, не вельмі ўсцешыўся нашай акцыі. Узяў зварот і сказаў, што трэба пікетаваць і змагацца з аўтамабілямі, а не з ядзернай энергетыкай. Гэта дарадца амбасады Леў Партноў”.

Увечары на галоўнай вуліцы Вільні – праспекце Гедыміна – адбудзецца шэсце. Гэткім чынам удзельнікі акцыі будуць пратэставаць супраць планаў будаўніцтва ў рэгіёне адразу трох новых атамных станцый. Нагадаем, акрамя Астравецкай АЭС маюць паўстаць станцыі на Калінінградчыне і каля Ігналіны.