Расійскі стабкрэдыт на 1,5 мільярда долараў паступіў у Беларусь — Мінфін

Расійскі стабілізацыйны крэдыт на 1,5 мільярда долараў паступіў на рахунак міністэрства фінансаў у Нацбанку Беларусі ў поўным аб’ёме. Пра гэта “Інтэрфаксу” паведамілі ў Мінфіне.
У сераду прэм’ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў падчас перамоў з кіраўніком беларускага ўраду Cяргеем Сідорскім заявіў, што Расія пералічыла Беларусі дзяржаўны крэдыт.

Нагадаем, міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні Беларусі крэдыту было падпісана ў Маскве 20 снежня. Згодна з умовамі дамовы, Расія павінна была пералічыць крэдыт да 31 снежня.

Плануецца, што гэтыя грошы будуць залічаныя ў склад залатавалютных рэзерваў Беларусі, якія на цяперашні момант складаюць 3,4 мільярда долараў. Пры гэтым знешні дзярждоўг Беларусі складае 830 мільёнаў долараў. У верасні яго ліміт павялічаны з 2 да 4 мільярдаў долараў. У 2008 годзе ліміт знешняга дзярждоўгу будзе павялічаны да 6 мільярдаў долараў.