Расійскія камуністы скралі ў “Ляпісаў” новы кліп (відэа)
Самым папулярным матэрыялам на афіцыйным сайце КПРФ стаў кліп “Вельмі хочацца ў Савецкі Саюз”. Яго камуністы змантавалі з новага кліпа гурта “Ляпіс Трубяцкой” на кампазіцыю “Огоньки” і песні калектыву “Ўндервуд” “Вельмі хочацца ў Савецкі Саюз”. Зюганаўцы так пракаментавалі свой твор: “Ідэя дадзенага кліпа нарадзілася так: 7 лістапада 2008 года была прэм'ера кліпа "Ляпіса-Трубяцкога" "Огоньки", і многія на прасторах Інтэрнэту выказалі захапленне відэа, зробленым на аснове дбайнай камп'ютарнай апрацоўкі савецкіх фотаздымкаў. Але сама песня прызнавалася, мякка кажучы, "ніякай". А трохі раней, у кастрычніку, адбылася прэм'ера выдатнай, і па музычным выкананні, і па словах, песні гурта "Ўндервуд" "Вельмі хочацца ў Савецкі Саюз". Вось і з'явілася думка сумясціць дзве рэчы, тым больш, што ў "Ляпісаў" гэты відэашэраг наогул да тэксту не прывязаны, а тут месцамі нават да слоў сінхронна трапляе па сэнсе".