Rasta рыхтуе новы альбом

На днях гомельскі гурт Rasta, які ў гэтым годзе ўзяў галоўную ўзнагароду беларускай “Рок-каранацыі”, у чарговы раз выступіў у Кіеве. Як паведамляе музычны партал music.com.ua, канцэрты гурта ва Украіне не рэдкасць, але з украінскімі журналістамі сустрэча адбылася ўпершыню. Падчас сустрэчы музыкі расказалі, што зараз Rasta актыўна гастралюе па клубных пляцоўках краін СНД, а летам калектыў традыцыйна возьме ўдзел у еўрапейскіх металічных фестывалях.

Таксама музыкі паведамілі, што нягледзячы на шчыльны гастрольны графік і яго складаную геаграфію, беларускія металісты працуюць над новым альбомам. Па словах удзельнікаў гурта, «ужо напісаныя пяць новых песень», але дадаць іх у канцэртную праграму «забараняе дырэктар гурта».

Дадам, што пачаць запіс новай кружэлкі плануецца сёлета ўвосень. І нагадаю, што папярэдні рэліз калектыву «The Age Of Movement» 2006 году стаў лідэрам продажу сярод метал-альбомаў беларускіх выканаўцаў.

Фота forum.rock-center.org