Разгляд "справы чатырнаццаці" перанеслі на 26 траўня

Паседжанне ў "працэсе чатырнаццаці", якое сёння мусіла пачацца ў Цэнтральным судзе, перанесена на панядзелак, на 9.30 раніцы. Сакратар суду адмовіўся назваць прычыны такога рашэння.
Нагадаем, крымінальная справа супраць чатырнаццаці маладых людзеё была распачатая за вулічныя пратэсты падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

22 красавіка суддзя Алена Ільіна абвясціла першыя прысуды па гэтай справе. Андрэй Кім быў асуджаны да паўтара года пазбаўлення волі, Міхаіл Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Крываў, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў атрымалі па 2 гады абмежавання волі без накіравання ў калоніі адкрытага тыпу. Нарэшце, Антона Койпіша і Уладзіміра Сяргеева пакаралі 3,5-мільённымі штрафамі.

На гэты раз на лаве падсудных - яшчэ трое фігурантаў справы - Міхаіл Субач, Павел Вінаградаў і непаўналетні Максім Дашук. Яшчэ адзін абвінавачаны Аляксандар Баразенка, які цяпер навучаецца ва Уроцлаве, з прычыны крымінальнага пераследу прыняў рашэнне не вяртацца ў Беларусь. Яго аб’явілі ў вышук.

Наша ніва