Размяркоўваць на 5 гадоў пакуль не будуць, але хочуць

Як стала вядома Еўрарадыё, пакуль ніякіх дакументаў аб змене тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні да 5 гадоў чыноўнікі не рыхтуюць. Але размовы на гэты конт па міністэрствах ходзяць. Летам, падчас аднаго са сваіх выступаў, Аляксандр Лукашэнка выказаўся за неабходнасць павелічэння тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні для маладых медыкаў і спецыялістаў, што накіроўваюцца на працу ў сельскую гаспадарку. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не зменіцца тэрмін адпрацоўкі ўжо для сёлетніх выпускнікоў ВНУ.

Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна паведаміла Еўрарадыё, што пакуль пытанне павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі для маладых спецыялістаў-медыкаў у іх не разглядаецца.

Вольга Шульпіна: “Гэта было толькі выказванне прэзідэнта летам. Пакуль нічога няма ў нас на гэтую тэму. Вядзецца нейкая праца, але пакуль нічога канкрэтнага”.

Памочнік міністра сельскай гаспадаркі і прамысловасці Мікалай Чупік прызнаў, што ў вёсцы сапраўды не хапае маладых спецыялістаў. І было б не дрэнна, каб была магчымасць іх затрымаць у гаспадарцы. Але, па яго словах, іх міністэрства проста не мае права выходзіць з нейкімі заканадаўчымі ініцыятывамі на гэты конт. Ды і праблему гэтую, лічыць ён, трэба вырашаць не такімі сродкамі.

Мікалай Чупік:
“Пытанні ўзарання зямлі, уборкі ўраджаю, рамонту тэхнікі, тэхналогіі і сродкі абароны раслін – гэта наша, вось нашы функцыі. А заканадаўчыя пытанні, пра якія вы пытаецеся – гэта функцыі Міністэрства адукацыі. У нас сапраўды ёсць праблемы з замацаваннем маладых спецыялістаў, але яны не такім чынам павінныя вырашацца”…

Як паведаміў Еўрарадыё начальнік упраўлення аналітычнай і прававой працы Міністэрства адукацыі Анатоль Кучынскі, пэўныя размовы наконт магчымага павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ некаторых спецыяльнасцяў, у іх сапраўды былі. Але, кажа, не больш за тое. Менавіта гэта ўпраўленне прыводзіць любыя прапановы міністэрства ў адпаведнасць з прававымі нормамі. Пакуль ім для апрацоўкі нічога, кажа ён, не прыходзіла.

Анатоль Кучынскі: “Размовы хадзілі, але нейкага канкрэтнага даручэння праз наша апраўданне не ішло. На колькі я разумею, рашэнне яшчэ не прынята”.

Праўда, час да таго, як пачнецца размеркаванне новых выпускнікоў ВНУ, яшчэ ёсць. Ды і навучыліся нашы чыноўнікі рыхтаваць новыя пастановы ў сакрэтнасці.