Рэктар магілёўскага ВНУ: "Жалезнай заслоны" для студэнтаў няма

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова сцвярджае ў інтэрв'ю Еўрарадыё, што паездкі студэнтаў у замежжа кантралююцца толькі ў тым выпадку, калі яны адбываюцца ў навучальныя дні. Нагадаем, як мы ўжо паведамлялі, сайт студэнтаў універсітэта змясціў інфармацыю пра тое, што кіраўніцтва ВНУ выдала адмысловы загад у справе замежных паездак супрацоўнікаў і студэнтаў. Згодна з ім, яны абавязаныя інфармаваць сваё начальства пра меркаваныя паездкі (акрамя службовых камандзіровак) як мінімум за два тыдні да выезду.

Вось як каментуе сітуацыю рэктар Канстанцін Бандарэнка: "У летні перыяд, калі ў студэнта адпачынак, калі ён не займаецца, гэта яго права: куды хоча, няхай едзе, чым хоча, няхай і займаецца. Гэта бацькі кантралююць. А падчас навучальнага працэса мы нясем персанальную адказнасць за кожнага студэнта".

Паводле словаў Бандарэнкі, калі студэнты едуць у замежжа ў выхадныя дні, да іх таксама няма ніякіх прэтэнзій. Абы толькі паспелі вярнуцца ў час і не прапусцілі заняткаў.