3 сакавіка будуць судзіць Кастуся Шыталя
Яго абвінавачваюць у тым, што з'яўляючыся назіральнікам за выбарамі, Шыталь спытаў у студэнта прафліцэя, ці добраахвотна той прыйшоў галасаваць датэрмінова.
Супраць сябра аргкамітэта БХД, журналіста інтэрнэт-партала "Весткі" Кастуся Шыталя, які падчас галасавання на выбарах быў назіральнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Паводле матэрыялаў справы, з якімі дазволілі азнаёміцца Кастусю Шыталю, заяву супраць яго напісала Марыя Мацулевіч, супрацоўніца ідэалагічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама.
Марыя Мацулевіч сцвярджае ў сваёй заяве, што Шыталь апытваў выбарцаў, якія прыйшлі на ўчастак, публікаваў няправільную інфармацыю ў інтэрнэце і пагражаў сябрам выбарчай камісіі. Пракуратура адмовіла ў распачацці крымінальнай справы па гэтай заяве.
Супраць Кастуся Шыталя была распачатая адміністрацыйная справа за парушэнне выбарчага заканадаўства. Суд адбудзецца а 9-й гадзіне, паведамляе Westki.info.