Алесь Бяляцкі: Мы не паддадзімся шантажу ўладаў
Праваабаронца Алесь Бяляцкі сёння атрымаў афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Такой арганізацыяй нагляднае ведамства лічыць праваабарончы цэнтр "Вясна", якім кіруе Бяляцкі. У далейшым ён можа быць прыцягнуты і да крымінальнай адказнасці, што прадугледжана беларускім заканадаўствам.
У жывым эфіры Еўрарадыё Бяляцкі назваў такія дзеянні пракуратуры праявай ціску на праваабарончыя арганізацыі Беларусі, які ўзмацніўся пасля падзеяў 19 снежня. Ён упэўнены, што Беларусь у гэтым выпадку ідзе на парушэнне прынятых ёю міжнародных абавязальніцтваў у галіне абароны правоў чалавека.
Праваабаронца мае намер абскарджваць вынесенае папярэджанне ў той жа пракуратуры і праз суд, а таксама праінфармаваць пра тое, што адбылося, міжнародную супольнасць.
"Паддавацца шантажу ўладаў, які разгортваецца напярэдадні працэсу "19 снежня", мы не будзем", — заявіў Бяляцкі.