Аляксандр Лукашэнка пагражае пошукамі нафты па-за Расіяй
Пра гэта кіраўнік Беларусі паведаміў у інтэрв'ю агенцтву Reuters.
Па яго словах, якія пераказвае kommersant.ru, афіцыйны Мінск можа аднавіць закупы нафты па-за Расіяй, калі не зможа дамовіцца з Масквой пра дадатковыя пастаўкі 4-5 млн тон.
Сёлета Беларусь разлічвае атрымаць з Расіі 21,5 млн тон нафты. У 2013 годзе нашыя ўлады просяць павялічыць пастаўкі да 23 млн тон, а Масква пагражае скараціць пастаўкі да 18 млн. Каментуючы гэта, Лукашэнка заявіў, што нафты ў свеце хапае. Ён нагадаў, што ў 2010-2011 гадах Беларусь купляла нафту ў Азербайджана і Венесуэлы.
Нагадаем, што нядаўна разгарэўся таксама скандал з продажам растваральнікаў нафты. Расія мяркуе, што яна страціла на гэтым мільярды долараў. Беларускія ж улады адмаўляюцца прызнаваць расійскія прэтэнзіі.
Фота — munaigaz.kz