Амбасада Венгрыі ў Мінску апынулася ў цэнтры сэкс-скандалаў
Гэта ўжо другі скандал з венгерскімі дыпламатамі на працягу месяца.
Як паведамляе ІА Regnum, 8 чэрвеня ў інтэрнэце на рэсурсе youtube быў выстаўлены відэаролік, які кампраметуе амбасадара Феранца Контру.
У роліку паказаная нейкая жанчына ў італьянскім аэрапорце. На гукавой дарожцы чуваць, як жанчына па-італьянску вядзе інтымную размову з каханкам. У субтытрах сцвярджаецца, што гэта жонка венгерскага амбасадара ў Беларусі Іна Контра. Яна быццам бы лётае ад мужа з Мінска ў Італію да каханка.
Ужо 9 чэрвеня справа пра кампрамат на амбасадара разглядалася адмысловай калегіяй у венгерскім МЗС. Яго спецыялісты заявілі, што відэаролік — грубая правакацыя.
На думку венгерскіх журналістаў, да фабрыкацыі кампрамату спрычыніўся беларускі КДБ. Гэта ж тычыцца відэароліка, які з'явіўся ў інтэрнэце 27 траўня. Тады спрабавалі скампраметаваць дарадцу венгерскага МЗС Золтана Бача, які раней працаваў у Мінску.
У Будапешце лічаць, што беларускія ўлады спрабуюць адпомсціць венгерскай дыпламатыі, якая цяпер стала адным з вядучых крытыкаў беларускага рэжыму.