Анішчанка абвінаваціў Беларусь у кантрабандзе "Баржомі"
Нелегальны бізнес, згодна са звесткамі Расспажыўнагляду, пастаўлены на шырокую нагу.
"Аб'ёмы той прадукцыі, што ўвозіцца, носяць цалкам прамысловы характар", — заявіў 20 красавіка кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны дзяржаўны санітарны лекар РФ Генадзь Анішчанка.
Нелегальныя пастаўкі "Баржомі", як паказала расследаванне, ажыццяўляліся на тэрыторыю РФ з Беларусі, маючы акцызныя маркі, з пазначэннем імпарцёра з РБ — ААТ "Класічныя віны", заўважае расійская газета "Взгляд".
У Расіі ўжо некалькі гадоў дзейнічае забарона на пастаўкі віна і мінеральнай вады з Грузіі. Яна была ўведзеная праз прэтэнзіі да якасці.
Анішчанка сказаў, што кантрафактныя партыі "Баржомі" знойдзены падчас кантрольна-наглядных мерапрыемстваў на харчовых рынках у рэгіёнах і, найперш, у Маскве.
"Акрамя таго, знойдзеныя бутэлькі толькі з нацыянальнымі этыкеткамі без акцызных марак, якія праз неэфектыўную працу мытных службаў кантрабандна завозяцца на тэрыторыю Расіі, схаваныя пад агародніннай прадукцыяй і садавінай", — адзначыў Анішчанка.
"Нягледзячы на сумесную працу з калегамі з Беларусі, відаць, гэтых захадаў недастаткова", — заявіў ён.