Археалагічнаму музею "Бярэсце" пагражае затапленне
Вада залівае некалькі ўчасткаў раскопу.
Прадстаўнікі абласнога ўпраўлення культуры і работнікі абласнога краязнаўчага музея лічаць, што віной стала павышэнне ўзроўню грунтавых вод. Але, як піша газета "Вечерний Брест", з імі нязгодны археолаг Пётр Лысенка, які адкрыў свету старажытны дзяцінец Брэста. На яго думку, у раскопе няма звычайнага вадасцёку дажджавых вод, і ў выніку яны трапляюць у раскоп. На думку навукоўца, унікальны археалагічны музей можа ў выніку разбурыцца.
З археолагам згодны і загадчык кафедры сельскагаспадарчых гідратэхнічных меліярацый Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук Мікалай Водчыц. На яго думку, для выратавання археалагічнага музея трэба толькі тры-чатыры мяшкі цэменту. Ды яшчэ спатрэбіцца паставіць дадатковую невялікую дрэнажную сістэму ў раскопе.