Бабруйскіх фанатаў хочуць пасадзіць у цагляную "клетку"

З такой прапановай выступіў начальнік аддзела фізкультуры, спорта і турызму ў мясцовым гарвыканкаме Міхаіл Свістуноў.

 
На планёрцы ў Бабруйскім гарвыканкаме 20 чэрвеня разглядалі пытанне фанатаў у Бабруйску. Нагадаем, што ў канцы траўня на матчы мясцовага "Шынніка" і мінскага "Дынама" спецназ выкарыстаў слёзацечны газ супраць гледачоў з "фанацкага" сектара.  


Цяпер чыноўнік прапануе агарадзіць гэты сектар. Сцены, на яго думку, павінны стаяць "намёртва". Кошт такой агароджы Свістуноў ацаніў у 20-22 млн рублёў, піша газета "Вячэрні Бабруйск".


Што праўда, старшыня бабруйскага гарвыканкаму паставіўся да будаўніцтва "клетак на стадыёне" негатыўна. На яго думку, дастаткова і пераноснай агароджы.