Бацька мінскага тэрарыста ўзяў віну на сябе

Як паведамляе сайт LifeNews, Генадзь К. спрабуе выгарадзіць арыштаваных разам з ім сыноў Дзмітрыя і Аляксандра. Усіх іх падазраюць у датычнасці да выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая". 


Паведамляецца, што 25-гадовы Дзмітры К. ужо на першых допытах прызнаўся ў арганізацыі, падрыхтоўцы і ажыццяўленні выбуху. Але калі арыштавалі яго бацьку і брата, у следчых з'явіліся супярэчлівыя сведчанні.


Яго бацька, Генадзь К. — гадзіннікавы майстар па прафесіі. Ён прызнаўся, што рабіў гадзіннікавы механізм для бомбаў сына. Пра гэта LifeNews паведаміла крыніца ў следчых органах. Бацька пацвердзіў, што ведаў пра намеры сына і свядома не заявіў у спецслужбы.


На адным з апошніх допытаў К.-старэйшы заявіў, што менавіта ён задумаў і арганізаваў тэракт, а таксама ўцягнуў у яго сыноў. Следства, аднак, лічыць, што бацька спрабуе апраўдаць сыноў і дапамагчы ім зменшыць пакаранне. Тым больш што версію бацькі аспрэчвае галоўны падазраваны, хімік-самавук Дзмітры К. Ён нібыта цалкам прызнае сваю віну, але не раскайваецца.