Беларусь адрэагавала на прэтэнзіі Анішчанкі
У Маскве сёння адбываецца сустрэча галоўнага санітарнага ўрача Беларусі Алега Арнаўтава з расійскім калегам Генадзем Анішчанкам.
Як паведамляе ІА REGNUM, нагодай для тэрміновай сустрэчы стала ўчорашняя заява кіраўніка Росспажыўнагляду пра тое, што Беларусь не выконвае санітарныя абавязальніцтвы, прадугледжаныя пагадненнямі на двухбаковым узроўні і ў фармаце Мытнага саюза. "Нашыя законныя патрабаванні, абумоўленыя Мытным саюзам, ігнаруюцца", — заявіў Анішчанка, не канкрэтызуючы прэтэнзіі да беларускага боку.
Гаворка ідзе пра забарону на ўвоз і рэалізацыю на тэрыторыі Расіі "шэрагу відаў прадуктаў з шэрагу краін", у той час як на беларускім рынку такіх абмежаванняў няма. Улады Беларусі не абмяжоўваюць "выкарыстоўванне гэтай прадукцыі на эканамічнай тэрыторыі РФ", хаця атрымлівалі афіцыйныя папярэджанні Масквы. Анішчанка ў сувязі з гэтым заявіў: "Мы пакідаем за сабой права прыняць асіметрычныя, але дзейсныя захады, якія вымушаюць да выканання ўмоваў Мытнага саюза".
Верагодна, прэтэнзіі тычацца таварных паставак у Беларусь з Грузіі і Малдовы.