Беларусь на Еўрабачанні прадставіць Анастасія Віннікава (відэа)
Яна выступіць з песняй "Born in Bielorussia".
На міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2011" у Дзюсельдорфе Беларусь прадставіць Настасся Віннікава. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, яна выступіць з песняй "Born in Bielorussia" (музыка Яўгена Алейніка, словы Яўгена Алейніка і Віктара Рудэнкі).
Увогуле ў Белтэлерадыёкампанію паступіла 29 заявак з Беларусі, Латвіі, ЗША, Іспаніі, Грэцыі, Люксембурга, Малдовы, Расіі. Да ўдзелу ў адборы былі дапушчаныя 22 прэтэндэнты.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2011" адбудзецца ў Германіі з 10 да 14 траўня.
Кампазітар і аўтар слоў да песні Яўген Алейнік распавёў Еўрарадыё, што зараз ён будзе пераробліваць кампазіцыю, каб падагнаць пад троххвілінны фармат Еўрабачання.
Яўген Алейнік: "Першапачаткова песня была больш за тры хвіліны і зараз я буду даробліваць трэк да троххвіліннага фармату. Наша мэта да 10 сакавіка зрабіць цалкам гатовы прадукт".
Cааўтараў слоў Віктар Рудэнка патлумачыў Еўрарадыё, чаму ў песні наша краіна называецца Bielorussia, а не Belarus.
Віктар Рудэнка: "Кампазіцыя ў першую чаргу атрымалася вельмі беларускай, нягледзячы на тое, што яна на англійскай мове, практычна кампазіцыя "Рожденный в СССР" (песня гурта ДДТ - заўв. Еўраардыё), але толькі беларуская. Зусім тут не вядзецца размовы пра тое, што мы "Белараша", а не Беларусь. Тут тэма збольшага вясёлая ды жартаўлівая: пра тое, што мы калісьці пілі газіроўку, круцілі касеты на алоўку, прывозілі жвачку "Turbo" і жавалі яе дваром – добрая рэмінісцэнцыя ўсялякіх прыемных рэчаў, пра якія зараз узгадваеш з усмешкай. Але яна будзе вельмі моцна змяняцца, нейкія рэчы будуць выпраўляцца, усё ж такі гэта конкурс еўрапейскі. Яна зробіцца больш еўрапейскага ўхілу, чым такога абсалютна беларускага, але ўсё беларускае, што ў ёй ёсць, усё роўна застанецца".