Беларускую фірму ў Венесуэле прылічылі да мафіі
У мясцовай прэсе ўзнік гучны скандал, звязаны з дзейнасцю кампаніі "Белзамежбуд".
Як перадаюць "Беларускія навіны", мясцовыя журналісты падазраюць беларускую фірму ў сувязях з мафіяй, вінавацяць у дрэнным абыходжанні з рабочымі і нядобрасумленным выкананні работаў.
У венесуэльскай газеце "Эль Універсаль" выказваецца версія, што дзейнасць "Белзамежбуда" ў Венесуэле стала адной з прычынаў арышту яе кіраўніка — бізнэсоўца Віктара Шаўцова.
Паведамляецца, што каля 4 гадоў таму Беларусь абяцала пабудаваць у Венесуэле 17 500 кватэраў. Але гэтыя абяцанні пакуль не выкананыя. Пакуль што пабудаваныя 720 кватэраў 1 гэта 4% ад абяцанага.
Акрамя таго, сцвярджаецца, быццам будаўніцтва суправаджалася дзейнасцю так званай "арматурнай мафіі", якая займалася кантрабандай жалеза. Гаворыцца і пра крадзеж будматэрыялаў на будаўніцтве.