Беларускі цэнтр Дугі Струве знайшлі пад цялятнікам

Каменны куб геадэзічнага збудавання і цагляную кладку спрабавалі знішчыць пры пабудове цялятніка. Потым іх проста засыпалі зямлёй і схавалі пад падлогу, піша газета “Драгічынскі веснік”


10 гадоў таму навукоўцы з Санкт-Пецярбурга пачалі аднаўляць кропкі Дугі Струве, якая перасякае 10 еўрапейскіх дзяржаваў. Вылічылі і месца галоўнай беларускай кропкі ў вёсцы Белін. У выніку на гародзе настаўніка фізкультуры мясцовай школы знайшлі падмуркі былой абсерваторыі, а з-пад цялятніка адкапалі геадэзічны куб са свінцовай заліўкай і крыжам.


Дуга Струве была збудаваная на тэрыторыі 10 еўрапейскіх дзяржаваў на пачатку ХІХ стагоддзя. Гэта сетка з 265 трыангуляцыйных пунктаў. Пры яе дапамозе даказалі, што Зямля мае форму эліпса. Яна носіць імя расійскага навукоўца — вымяральніка Зямлі Васіля Струве.