Беларускі вайсковы суд апраўдаў амаль усіх фігурантаў "справы Грамовіча"
Слуханне справы пачалося 21 траўня 2010 года. Паседжанні праходзілі ў закрытым рэжыме.
Як паведамляе БелаПАН, да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя 36 чалавек. Большасць з іх былі супрацоўнікі мытні "Заходні Буг" і Упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. У СМІ справу назвалі "справай Грамовіча" — па прозвішчы арыштаванага былога дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.
Следства меркавала, што ад нявыплаты мытных плацяжоў дзяржаве была нанесеная шкода больш як на 30 млрд рублёў.
Суд не знайшоў злачынства ў дзеяннях 9 чалавек: яны маюць права на поўную рэабілітацыю, аж да аднаўленні на ранейшым працоўным месцы. Яшчэ 25 абвінавачваных прызнаныя невінаватымі, бо іхны ўдзел у злачынствах недаказаны. У іх ліку Анатоль Грамовіч і былы намеснік начальніка мытні "Заходні Буг" Яўген Селіванаў. Справы яшчэ 4 абвінавачваных суд накіраваў у Генпракуратуру для новага папярэдняга расследавання.