Беларускіх хакеістаў у Славакіі суправаджае паліцыя
...а суседзямі ў гатэлі аказаліся сапернікі па групе – французы і канадцы.
29 красавіка ў Славакіі стартуе чэмпіянат свету па хакеі. У першым жа матчы беларусы сутыкнуцца з адной з самых моцных каманд свету – канадцамі, якія летась выйгралі Алімпіяду. Наша каманда прыляцела ў Кошыцэ яшчэ 26 красавіка.
“Прыехалі пасля абеду. Гэта быў адзіны выхадны дзень. Хлопцы проста пагулялі, ім трэба было адпачыць пасля пералётаў, – распавёў Еўрарадыё генеральны менеджар нашай зборнай Святаслаў Кісялёў. – Учора нехта займаўся сваімі справамі, нехта тэлефанаваў дамоў. Мы яшчэ не паспелі прыдумаць забаўляльную праграму, і хакеісты, пэўна, таксама. Сёння перадгульнявы дзень. Будзе каманднае фатаграфаванне. Трэнеры правядуць сход, і ўсе будуць рыхтавацца. Ніякага незвычайнага абраду не планавалася”.
Беларуская зборная пасялілася непадалёк ад арэны, дзе будуць праходзіць гульні. Таму замест афіцыйнага аўтобуса з паліцэйскім суправаджэннем многія аддаюць перавагу пешаму шпацыру.
“Арэна знаходзіцца блізка. За намі замацаваны аўтобус з паліцэйскім суправаджэннем. Але многія ходзяць пешшу. Гэта адна з цэнтральных вуліц, можна камфортна прагуляцца і цягам 10 хвілін дайсці да арэны. У гасцініцы яшчэ жывуць французы. Сёння прылятаюць канадцы і амерыканцы”.
Кісялёў дадае, што траўм у камандзе няма. Былі вірусныя хваробы і хтосьці крыху прыхварэў. Але цяпер усе папраўляюцца і набіраюць форму. Таму што да старту чэмпіянату зборная падыдзе ў поўным узбраенні.
Плануецца, што ў другім матчы супраць швейцарцаў зможа прыняць удзел форвард “Манрэаля” Андрэй Касціцын. Яго “Манрэаль” вылецеў з розыгрышу НХЛ. У размове з бацькамі пасля гульні Андрэй пацвердзіў, што прыедзе на чэмпіянат свету. Але на стартавы паядынак супраць канадцаў, які пройдзе ўжо ў гэту пятніцу, нападаючы не паспявае.
Першы раўнд.
29 красавіка 21:15 (беларускі час)
Беларусь – Канада
1 траўня 21:15
Беларусь – Швейцарыя
3 траўня 21:15
Беларусь – Францыя
Для таго, каб прайсці ў наступны раўнд, беларусам неабходна займаць месца, не ніжэй за трэцяе.
Фота: daylife.com