Беларускія барды мяркуюць зноў сабрацца пад Оршай

Каб імпрэза не сарвалася, месца яе правядзення ды іншыя падрабязнасці не разгалошваецца. Вядома толькі, што гэта будзе не Крапівенскае поле, дзе барды збіраліся ў папярэднія гады. Рэч у тым, што поле проста ўзаралі, таму сабрацца на звыклым месцы будзе немагчыма. Адзін з актыўных удзельнікаў мінулых фэстаў, аршанскі гісторык Юры Копцік распавёў Радыё Свабода,  што фармат сёлетняй імпрэзы — “сяброўскія пасядзелкі”. З яго слоў, вельмі рызыкоўна запрашаць гасцей з іншых рэгіёнаў, калі ёсць відавочная небяспека трапіць у міліцэйскі пастарунак за ўдзел “у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Бардаўскі фэст “Аршанская бітва” традыцыйна праходзіў у Аршанскім раёне на Крапівенскім полі, якраз непадалёк ад таго месца, дзе 8 верасня 1514 году адбылася гістарычная Бітва пад Оршай. У гэтых мясцінах спевакі і слухачы збіраліся з 1992 года.