Bild: Нямеччына ўзбройвала беларускіх сілавікоў
Самае чытальнае нямецкае выданне працягвае скандальныя публікацыі наконт супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў.
Паводле газеты, паліцыя Нямеччыны не толькі дапамагала беларускаму рэжыму ў падрыхтоўцы тых, хто разганяў мірныя акцыі ў Мінску, але і ўзбройвала сілавікоў. У размове з Bild прадстаўнікі МУС Нямеччыны пацвердзілі, што ў перыяд ад 2009 па 2010 год немцы дапамаглі беларускім калегам сучаснымі камп'ютарамі і відэатэхнікай на суму больш за 41 тысячу эўра. А ў перыяд паміж 2008 і 2011 годам прынамсі сотня беларускіх міліцыянтаў была забяспечаная камплектам бронекамізэлек, шчытоў, дубінак і г.д., паведамляе Радыё "Свабода".
Раней нямецкія СМІ пісалі, што сілавыя ведамствы Нямеччыны займаліся падрыхтоўкай беларускіх кадраў у перыяд паміж 2008 і 2011 гадамі. Паводле іншай інфармацыі, такая супраца працягвалася прынамсі да траўня 2012-га. Беларусы прысутнічалі як назіральнікі на разгоне нямецкіх антыядзерных дэманстрацыяў.
Фота — bymedia.net