Брэсан: у "Аланіі" знакаміты трэнер і добрыя фінансавыя ўмовы

Нагадаем, у панядзелак 26 лістапада стала вядома, што беларускі бразілец Брэсан падпісаў кантракт з "Аланіяй" з Уладзікаўказу на 3,5 гады. Яго сума не разгалошваецца. Але агент футбаліста Валерый Ісаеў кажа, што ў "Аланіі" ў Рэнана Брэсана заробак будзе ў некалькі разоў большы, чым у Барысаве.

У інтэрв'ю "Прессболу" Брэсан патлумачыў, чаму ён пагадзіўся на варыянт з клубам, які займае ў расійскай Прэм'ер-лізе перадапошняе месца. "Чаму пагадзіўся? Па-першае, расійская прэм'ер-ліга — адзін з наймацнейшых чэмпіянатаў у Еўропе, — кажа Рэнан Брэсан. — Па-другое, Газаеў — знакаміты трэнер. Працуючы з ім, я змагу вырасці як футбаліст. Па-трэцяе, добрыя фінансавыя ўмовы. Гэта таксама важна, бо ў мяне жонка, хачу дапамагаць сям'і".

Брэсан прызнаўся, што шэсць гадоў у Беларусі — гэта для яго "вялікая частка жыцця". Яму шкада з'язджаць, але "трэба рухацца далей".

Адзначым, што Рэнан Брэсан 5 снежня можа згуляць за БАТЭ матч групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў з мюнхенскай "Баварыяй". Учора з Масквы ён выляцеў у Нямеччыну, дзе мусіць далучыцца да каманды.

На здымку: Брэсан забівае гол у браму "Баварыі". Фота — bymedia.net