Рэнан Брэсан пераходзіць у расійскі клуб "Аланія"
Старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі кажа, што такое рашэнне прынялі футбаліст і яго агент. Колькі грошай атрымаў клуб, не разгалошваецца.
Як паведамляе сайт goals.by, Капскі пацвердзіў інфармацыю пра пераход Брэсана, якая з'явілася ў інтэрнэце: "Калі ў яго са здароўем будзе ўсё добра — кантракт падпішацца. У такім выпадку гулец пяройдзе ў "Аланію" па заканчэнні сезону".
Паводле слоў Анатоля Капскага, Брэсану прапанавалі такія ўмовы, "ад якіх было складана адмовіцца". Яго ў "Аланіі", нібыта, бачаць футбалістам асноўнага складу.
Адзначым, што "Аланія" займае 15-е месца (перадапошняе) ў расійскай Прэм'ер-лізе.
Паводле дадзеных Тransfermarkt, Брэсан з'яўляецца самым дарагім гульцом БАТЭ. Яго трансферны кошт складае 2,5 млн еўра.
Рэнан Брэсан — беларускі футбаліст бразільскага паходжання, яму 24 гады. У Беларусі гуляў ад 2007 года, спачатку за "Гомель", а са студзеня 2010 года — за БАТЭ. Быў лепшым бамбардзірам чэмпіянату нашай краіны ў 2010 і 2011 гадах. Паўабаронца нацыянальнай зборнай Беларусі.
Брэсан можа згуляць за БАТЭ ў матчы з "Баварыяй"
Фота — bymedia.net