Брэсцкі інтэрнэт-троль не з'явіўся ў суд
Супрацоўнік газеты "Брестский вестник", які, нібыта, абразіў незалежную журналістку, з'ехаў у працоўную камандзіроўку.
З-за адсутнасці адказчыка разгляд справы адбудзецца ў наступным годзе — 11 студзеня.
Пазоўніца — фотажурналістка Мілана Харытонава — ўпэўненая, што нават пры пераносе судовага паседжання станоўчыя вынікі ўжо ёсць. Прыцягненне ўвагі грамадскасці ў кожным разе паўплывае на спад "тролінгу" ў брэсцкай інтэрнэт-прасторы.
Харытонава: "Гэтым судом, я думаю, ну хаця б крыху, на невялічкі адсотак, але атрымаецца змяніць сітуацыю з інтэрнет-тролямі. Прынамсі, для Брэста гэта даволі актуальна. Любыя навіны, якія перадрукоўваюцца на рэгіянальных парталах, у рэшце рэшт суправаджаюцца некарэтнымі выказваннямі на адрас журналістаў, а не меркаваннямі па тэме. Часцей за ўсё невядома хто гэта. Але ўжо калі атрымалася даведацца, то варта неяк спрабаваць прыцягнуць яго да адказнасці. Хаця б для таго, каб гэты чалавек ў далейшым падумаў рабіць гэта ці не".
Нагадаем, фотажурналістка Мілана Харытонава падала ў суд на супрацоўніка гарвыканкамаўскай газеты “Брестский вестник” Уладзіміра Міневіча. Міліцыя вылічыла, што менавіта ён пакінуў абразлівыя, на погляд журналісткі, каментары пад матэрыяламі Харытонавай.
Фота — virtual.brest.by